РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ ТРУ́БКА,

электравакуумная прылада для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў. Інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпрамянення залежыць ад напружання, прыкладзенага да электродаў, току, а таксама матэрыялу анода. Мае катод і анод. Электроны, што вылучае катод, паскараюцца моцным эл. полем і бамбардзіруюць анод. Пры ўдарах электронаў аб анод іх кінетычная энергія пераўтвараецца ў энергію рэнтгенаўскага выпрамянення (часткова — у цеплавую энергію).

Паводле спосабу атрымання электроннага патоку Р.т. падзяляюцца на электронныя (электроны генерыруюцца за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі катода) і іонныя (электроны выбіваюцца з халоднага катода дадатнымі іонамі). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дэфектаскапіі, навук. даследаваннях.

Рэнтгенаўская трубка.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)